Гаворым па-беларуску

 

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі ствараюцца неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу пэўнага дзіцяці на беларускай мове:

— паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці, пачынаючы з ранняга ўзросту;

— пачынаючы з другой паловы навучальнага года ў 2-ой малодшай групе (3 года) і з сярэдняй групы (4 гады) у адукацыйны працэс уключаюцца заняткі па развіцці маўлення і культуры маўленчых зносін;

— праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, Дню беларускага пісьменства, беларускай культуры і інш.;

— у адукацыйны працэс уключаюцца народныя беларускія гульні, танцы, песні, казкі, праводзяцца фальклорныя святы і забавы;

— ствараецца адпаведнае прадметна-прасторавае асяроддзе: куткі і пакоі беларускай культуры, адбываецца ўключэнне прадметаў нацыянальнай культуры і побыту ў гульнявыя куткі, кніжныя выставы твораў айчыннай літаратуры і інш.;

— павышаецца прафесійны ўзровень педагагічных работнікаў па пытаннях лінгвістычнага і маўленчага развіцця выхаванцаў ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя;

— створана навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ўстаноў дашкольнай адукацыі, якое выдаецца як на рускай, так і на беларускай мовах;

— з мэтай ўдасканалення ў выхаванцаў навыкаў беларускага маўлення і маўленчых зносін, ажыццяўлення нацыянальна-культурнай сацыялізацыі дзіцяці, фарміравання яго нацыянальнай самасвядомасці ва ўстанове дашкольнай адукацыі праводзяцца Дні і тыдні беларускай мовы.

Кожны чацвер заклікаем выхавацелей, дзетак і бацькоў размаўляць па-беларуску!

Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.

Паважаныя бацькі! Дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай, беларускай мовы! Давайце разам падумаем, як захапіць дзіця, каб яму захацелася вывучыць родную мову.

Хтось, магчыма, не вывучаў мову ў школе ці не карыстаецца ёю ў жыцці, пакуль ведае абмежаваную колькасць слоў, але ж хоча узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. Дзесьці ж трэба пачынаць!

Напрыклад, пачніце з прывітання ці развітання па-беларуску. 

Да ўніверсальных вітанняў належаць: вітаю, прывітанне, добрага здароў′я. Прывітальныя выразы ў дачыненні да часу: добрай (-ае) раніцы,   дабранак, добры дзень (дзянёк), добры вечар (вечарок), добрай ночы (ночкі). 

Формы развітання: да пабачэння, да сустрэчы, да скорага, шчасліва заставацца, заставайцеся здаровыя, бывайце здаровыя, шчаслівай дарогі або лёгкай дарогі.

Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней.